Прыпеўкі да "Вераб'я"

Верабей – 1
Верабей, верабей,
Не клюй канапель.
А ў тога вераб’я маленечка жонка,
Сядзіць на калочку,
Прадзе на сарочку.
Як выведзе нітку,
Дык пашые світку.
Астануцца канцы,
Дык пашые штаны.

Верабей – 2
Верабейка, верабей,
Не клюй маіх канапель,
Бо я тому вераб’ю
Колам ногі пераб’ю.
Верабейка скача,
Па ножачцы плача.
А на тую ножку
Я куплю панчошку.
А ў тога вераб’я
Маленечка жонка.
Сядзіць на калочку
Прадзе на сарочку.
Як выведзе нітку,
Дык пашые світку.
Астануцца канцы,
Дык пашые штаны.

Верабей – 3
Верабей, верабей,
Не клюй канапель.
А я гэтаму вераб’ю
Колам ногі пераб’ю.
Верабейка скача,
Па ножачцы плача.
А ў тога вераб’я
Жонка маленька.
Сядзіць на калочку
Прадзе на сарочку.
Як выведзе нітку,
Дык пашые світку.
Астануцца канцы,
Дык пашые штаны.
Едзе, едзе мой таварыш ды пытае:
- Што ты варыш?
- А я рыбку вару,
- Па кусочку дзялю.
- У каго рыжа барада –
- Таму юшкі шкада.
- У каго чорны вусок –
- Таму рыбкі кусок.
(Гомельская вобл. На калядную куццю)

З БНТ “Дзіцячы фальклор”
Верабей – 4
Як задумаў верабей
Хутка ажаніцца,
Сладкіх рэчаў скаштаваць
І меду напіцца.

Скочыў шчыгел да шаста
Коньмі варанымі,
Чаго трэба накупіў,
Плаціў залатымі.

Воран асьманоў выдаў,
Назад павярнуўся.
-Масці пане верабей,
Да шлюбу гатуйся.

Запрагайце шэсць пар коні
І паезд шырокі,
Я паеду ў залеты
Да пані сарокі.

Пярун, качар і гусак
Коньмі праткавалі,
Два індыкі за ім услед
Песенькі спявалі.

-Масці пане верабей,
Хутка паспяшайся,
Хаця з сваім мілым другам
Хораша вітайся.

Верабей – 5
Як паставіў верабейка
На сметнічку хату
Ды сазваў на наваселле
Госцейкаў багата.

Піва, квасу наварыў,
Квашанінкі настудзіў,
Насмажыў кілбасаў
І ўсякага мяса.

У залачонай карэце
Дзяцел пад’язджае,
А за дзятлам на валах
Жоўна паспяшае.

А зязюля з шуляком,
Перапеліца з круком
Лугам, даліною
Шпараць пехатою.

Заклікае верабейка
Усіх госцейкаў есці,
Запрашае белу лебедзь
На покуці сесці.

А з лебеддзю – жураўля,
І савішчу, і луня,
І стару чачотку,
Сваю родну цетку.

Сядзіць мядзведзь на калодзе,
На скрыпачцы йграіць,
Дзіцяняты-медзвядзяты
Струны напраўляюць.

Як зайгралі “дылі-дылі”,
Госці ў далоні білі, -
Адзін дзіваваўся,
А другі смяяўся.

Шчыгел важна пахаджае,
Цаплю ў танец просіць,
Галка піва налівае,
У ўдод разносіць.

За здароўе вераб’я
Пілі, елі аж два дня,
А бацян упіўся
Ды пад стол зваліўся. (в. Крывічы Старобінскага р-ну, 1946)