15 сакавіка 2017 года, стартаваў праект Этнаграфічнага клуба «KOLA» -
"Танцавальны тур па грамадскіх месцах г. Маладзечна" пры падтрымцы
грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі». Гэты праект быў
адабраны журы на “Конкурсе ідэй: Маладзечна”, што ладзіла кампанія ў
лістападзе 2016 года.
Першай кропкай, якую KOLA пачало “растанцоўваць” стала Сярэдняя школа № 9
г. Маладзечна: дзевятыя класы першымі ў горадзе адчулі на сабе смак
беларускіх танцаў. (Здымкі тут)
Напачатку, як і належыць падлеткаваму ўзросту, ўзніклі складанасці ў
пошуку пары. Педагогі і вядоўцы вечарыны дапамаглі вырашыць гэта
пытанне.
І вось першыя пары закруціліся ў простым “Матлёце”. Затым пачалі асвойваць
двухкаленны “Кракавяк” і замацавалі першы блок вечарыны зааморфным
традыцыйным танцам “Вераб’ём”.
Затым удзельнікі мелі магчымасць праверыць свае веды па культуры Беларусі
і атрымаць невялічкія падарункі пад час віктарыны. Дзевяцікласніца Ніколь
не аднаразова давала правільныя адказы. Аказалася, дзяўчына ў хуткім часе
едзе на рэспубліканскую алімпіяду па мове.
Працягнулася вечарына гульней “Явар”: “будавалі моста з “затрыманых”
удзельнікаў каргода. Гульня канчаткоа зацікавіла моладзь.
Апошнія танцы “Млын” і “Яблычак”,здаецца, і сапраўды растанцавалі
удзельнікаў вечарыны.
У сваю чаргу, арганізатыры праекта запрасілі прадоўжыць вандроўку па
танцавальнай культуры Беларусі на “Вячорках”, што ладзяцца два разы на
месяц на Лібава-Роменскай, 71 у Маладзечна.
Такім чынам, клуб KOLA з вялікай надзеяй глядзіць у танцавальную будучыню
Маладзечна!
Танцавальны тур набірае новыя абароты!
28 сакавіка этнаграфічны клуб “KOLA» у рамках танцавальнага праекта
зладзіў другую танцавальную вечарыну. Гэтым разам на прадпрыемстве
“Дыліс-Касметык”.(Здымкі тут)
Шчыра кажучы, распачынаючы гэты праект, нам надта хацелася трапіць з
танцавальнай вечарынай на прамысловае прадпрыемства. Не здарма слоган
пректа гучыць як “Карапет, карапет – прыйдзем танчыць у абед!” Танцы ў
тваёй рабочай прасторы.
Аднак па той колькасці папярэдніх сумоўяў з грамадскімі арганізацыямі
горада, здавалася, што гэта так і застанецца марай. Нечакана пасля
чарговай размовы, нам далі станоўчы адказ. “Прыходзьце танцаваць у
цэх!”
Мы зайшлі ў цэх і пабачылі каля трыццаці чалавек, якія сядзяць і чакаюць
відовішча. Складанасць была ў тым, што сярод трыццаці не было ніводнага
мужчыны. Сказаць, што мы сумеліся, - гэта нічога не сказаць.
Аднак пачалася размова пра клуб “KOLA» і мэту танцавальнага праекта –
прыцягнуць больш наведвальнікаў на “Вячоркі” на Лібава-роменскай, 71 і
градус насцярожанасці пачаў змяншацца. Мы запрасілі працаўніц
прадпрыемства далучыцца да матлёта. І нарэшце утварылася кола “млына”.
Апошні сумесны здымак не дасць падмануць, што абед у гэты дзень у
Дыліс-Касметык выдаўся неардынарны.
Этнаграфічны клуб “KOLA» выказвае падзяку кіраўніцтву “Дыліс –Касметык” за
шчыры прыём і магчымасць папулярызаваць беларускія танцы.
29 сакавіка адбылася трэццяя танцавальная вечарына, у якой
удзельнічалі навучэнцы палітэхнічнага каледжа. (Здымкі тут)
Пад час вечарыны была магчымасць навучыцца танцаваць беларускія
традыцыйныя танцы: матлёт, верабей, падыспань, грачанікі.
А таксама праверыць свае веды па беларускай культуры і атрымаць сувеніры:
адмысловыя паштоўкі, кнігі.
Удзельнічала 15 дзяўчат і 15 хлапцоў! Гэта той небывалы выпадак, калі
кожны ўдзельнік вечарыны змог знайсці сабе пару.
Этнаграфічны клуб “KOLA” выказвае падзяку Маладзечанскаму дзяржаўнаму
палітэхнічнаму каледжу за магчымасць папулярызаваць беларускую
танцавальную культуру.
На гэты момант месца наступнай танцавальнай вечарыны не абрана.
2.07.17
Ну вось і падыйшоў да заканчэння наш танцавальны праект пры падтрымцы
Будзьма Беларусамі! Не адзін
нумар быў набраны, не адны перамовы адбыліся.
На жаль, на колькасць ўдзельнікаў нашых танцавальных вечарын клуба гэта не
паўплывала, аднак пра KOLA дазналася вялікая колькасць гараджан.
Шчыры дзякуй усім, хто запрашаў нас у сцены сваіх прадпремстваў.